МУЗЕ́І І ВЫ́СТАВАЧНЫЯ ЗА́ЛЫ ў архітэктуры,
будынкі, прызначаныя для работы ўстаноў, якія ажыццяўляюць камплектаванне, захоўванне, вывучэнне і папулярызацыю помнікаў гісторыі, матэрыяльнай і духоўнай культуры народа.
У будынках сучасных музеяў асн. функцыянальнымі элементамі з’яўляюцца выставачныя залы і сховішчы. Яны дапаўняюцца адм. памяшканнямі, б-кай, лекцыйнай залай, пакоямі для заняткаў, рэстаўрацыйнымі майстэрнямі, лабараторыямі Шматграннасць дзейнасці музея выяўляецца ў складанай аб’ёмна-планіровачнай структуры будынка, якая забяспечвае магчымасць паслядоўнага азнаямлення з экспанатамі, а таксама выбарачнай змены маршруту, экспазіцый, наладжвання часовых выставак і інш. Архітэктура такіх будынкаў як элемент эмацыянальнага ўздзеяння найчасцей стварае маст. вобраз, адпаведны яго тэматыцы.
На Беларусі вылучаюцца будынкі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Купалы Янкі літаратурнага музея ў Мінску, музея прыроды нац. парку Белавежская пушча ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Будынкі выставачных залаў прызначаны для арганізацыі перыяд. выставак твораў мастацтва, дасягненняў вытв-сці, навукі і тэхнікі. На Беларусі функцыянуюць павільёны Рэспубліканскага выставачнага цэнтра, Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа». Найбольшая выставачная зала твораў выяўл. мастацтва — рэсп. Мастацкая галерэя ў Мінску.
В.І.Анікін.
т. 11, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)